1 верасня ва ўніверсітэце адбылося свята «Віват першакурснік-2012! Віват БарДУ!»

Студэнцкія гады - асаблівы перыяд у жыцці кожнага чалавека, адпраўной кропкай якога, з'яўляецца цырымонія далучэння да студэнцкага братэрства, прафесійнай культуры, лепшых традыцый навучальнай установы. Вельмі важна, каб першае знаёмства з універсітэтам было яркім і запамінальным. Менавіта такім стала свята «Віват першакурснік-2012! Віват БарДУ!».

Першакурснікаў і гасцей свята прыемна здзівіла з'яўленне «доктара псіхалагічных навук, прафесара, лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне чараўніцтва» Вучонага Дзеда Мароза, ролю якога выканаў студэнт пятага курса факультэта славянскіх і германскіх моў Анатоль Пачабут.

З Днём ведаў будучых студэнтаў павіншаваў рэктар універсітэта, прафесар - Васіль Іванавіч Качурка.  «Веды – гэта сіла, і ў вас, дарагія першакурснікі, ёсць усе магчымасці для паспяховай вучобы, уддзелу ў творчай, спартыўнай і грамадскай дзейнасці ўніверсітэта, – адзначыў Васіль Іванавіч. - У нас існуе добрая тэхнічная база, абсталяваны новыя камп'ютарныя класы. Усё гэта дапаможа вам у будучыні стаць высакакласнымі спецыялістамі».

Па традыцыі рэктар ўручыў першакурснікам чатырох факультэтаў сімвалы пераемнасці пакаленняў універсітэта: Ключ ад ведаў, Студэнцкі білет і Заліковую кніжку.

Святочнае мерапрыемства было ўпрыгожана выступленнямі творчых калектываў студэнцкага клуба БарДУ. Парадавалі гледачоў салісты народнай студыі эстраднай песні «Талент», ўдзельнікі харэаграфічнай групы «Імпрэза».

У фінале пад акорды гімна БарДУ студэнты запусцілі ў неба паветраныя шары, але свята на гэтым не скончылася - увечары студэнтаў-першакурснікаў чакала дыскатэка «Быць студэнтам - гэта выдатна!»

2012-09-05

САЙТЫ СТРУКТУРНЫХ ПАДРАЗДЗЯЛЕННЯЎ