У БарДУ ўшаноўвалі лепшых выпускнікоў

28 мая 2013 года стаў асаблівай датай у гісторыі БарДУ. Бо менавіта ў гэты дзень у сценах універсітэта прайшло двайное свята: урачыстая цырымонія ўшанавання лепшых выпускнікоў-2013 "Развітанне з Alma mater» і афіцыйнае адкрыццё канцэртна-актавай залы Цэнтра культуры і творчасці. Мерапрыемства было падрыхтавана спецыялістамі студэнцкага клуба БарДУ пры садзейнічанні аргкамітэта конкурсу.

Рэктар універсітэта Васіль Іванавіч Качурка, першы прарэктар Галіна Якаўлеўна Жыткевіч і прарэктар па навуковай рабоце Ала Васільеўна Нікішова ўручылі лепшым выпускнікам (а гэта дзевяноста шэсць чалавек!) дыпломы ў намінацыях «Вучэбна-даследчая дзейнасць», «Грамадская дзейнасць», «Культурна-творчая дзейнасць» і «Спартыўная дзейнасць». Адміністрацыя ўніверсітэта і выкладчыкі, госці і бацькі адчувалі пачуццё гонару за выпускнікоў, якія прынеслі сваім талентам і працай нямала дыпломаў у скарбонку любімага вуза.

Падчас свята ў канцэртнай праграме прымалі ўдзел і самі выпускнікі - удзельнікі творчых калектываў студэнцкага клуба, тыя, хто ў апошні раз у статусе студэнтаў выйшаў на ўніверсітэцкую сцэну. Гэта ўдзельнікі народнага тэатра «Сафіт», народнага тэатра моды «Світа», танцавальнай групы «Імпрэза», народнай студыі эстраднай песні «Талент» і вакальнай групы «Фольк-мажор».

Як сказаў рэктар БарДУ Васіль Іванавіч Качурка, для ўніверсітэта гэтае мерапрыемства — асаблівая падзея, паколькі ўніверсітэт выпускае ў дарослае жыццё лепшых сваіх студэнтаў, якія за час вучобы праявілі сябе ў розных відах дзейнасці. Рэктар адзначыў, што цырымонія ўшанавання выпускнікоў 2013 года праходзіць у новай доўгачаканай канцэртна-актавай зале, абсталяванай сучаснымі гука-, светла- і відэасістэмамі. Паводле яго слоў, ва ўніверсітэце штогод стараюцца стварыць усе ўмовы, у якіх можа развівацца асоба маральна-арыентаваная і запатрабаваная ў сучасных эканамічных умовах. Васіль Іванавіч пажадаў дзецям не забываць пра родную Alma mater, якая заўсёды з радасцю чакае сваіх выпускнікоў.

У адказным слове, якое ад імя ўсіх выпускнікоў выказала студэнтка факультэта педагогікі і псіхалогіі, удзельніца і дыпламант рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцый, пераможца літаратурнага конкурсу «Аўтограф», які праводзіўся ў межах рэспубліканскага конкурса студэнцкай творчасці “Арт - вакацыі-2012” Наталля Карней, учарашнія студэнты падзякавалі рэктару ўніверсітэта і выкладчыкам за разуменне і ўдзел, а таксама за падтрымку.

Поспехаў табе на жыццёвым шляху, выпускнік БарДУ-2013!

2013-05-31

САЙТЫ СТРУКТУРНЫХ ПАДРАЗДЗЯЛЕННЯЎ