Абласны тур конкурсу «Студэнт года» прайшоў ва ўстанове адукацыі «Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт» 14 лістапада

Рэспубліканскі конкурс «Студэнт года» праводзіцца ў трэці раз. Яго ініцыятарам з'яўляецца Рэспубліканскі студэнцкі савет ГА «БРСМ».

За тытул лепшага студэнта змагаліся чацвёра пераможцаў універсітэцкіх тураў: Кацярына Бут-Гусаім з Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, Аляксандр Варабей – студэнт Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Юлія Масюк, пяцікурсніца інжынернага факультэта Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, і Алеся Гапановіч з Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Удзельнікам абласнога тура трэба было прадэманстраваць разнастайнасць сваіх талентаў і здольнасцяў ў пяці конкурсах: стаць лепшым у спартыўным этапе, праявіць сябе як творчую асобу, паказаць камунікатыўнае і аратарскае майстэрства. Студэнты павінны былі таксама прадставіць і абараніць распрацаваныя імі сацыяльныя праекты.

Канкурсантаў ацэньвала прафесійнае журы, і , па яго прызнанні, зрабіць выбар было няпроста. Зрэшты, гэта яшчэ раз даказвае, што наша Брэстчына багатая на  маладыя таленты.

«На званне «Студэнт года» ва ўніверсітэтах заўсёды ёсць мноства прэтэндэнтаў, – сказаў сакратар ПА ГА «БРСМ» універсітэта Віктар Горбач. – Самае галоўнае ў гэтым конкурсе – магчымасць для самарэалізацыі. Наша моладзь таленавітая, крэатыўная, творчая. І мэта конкурсу – даць магчымасць для праяўлення сваіх лепшых якасцяў у гэтых накірунках».

У час свята гледачоў парадавалі выступленні творчых калектываў аддзела культуры і творчасці БарДУ: народнага тэатра мініяцюр «Сафіт», народнага тэатра моды «Світа», народнай студыі эстраднай песні «Талент» і харэаграфічнага калектыву «Імпрэза».

Пераможцай у намінацыі «За волю да перамогі» стала студэнтка Палескага ўніверсітэта Кацярына Бут-Гусаім. У намінацыі «Гармонія асобы» лепшым стаў студэнт Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта Аляксандр Варабей.

Баранавіцкая студэнтка Юлія Масюк была прызнана лепшай у дзвюх намінацыях – «За ўменне ўвайсці ў вобраз» і «Студэнт года ONLINE» .

Па рашэнні журы Брэсцкую вобласць у фінале конкурса «Студэнт года» , які адбудзецца ў Мінску 22 лістапада, будзе прадстаўляць студэнтка Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Гапановіч Алеся.

2013-11-19

САЙТЫ СТРУКТУРНЫХ ПАДРАЗДЗЯЛЕННЯЎ