У канцэртна-актавай зале ўніверсітэта з поспехам прайшоў гала-канцэрт з удзелам замежных і беларускіх студэнтаў «У XXI стагоддзі разам»

Двухгадзінная гала-канцэртная праграма з’явілася кульмінацыяй I адкрытага міжнароднага міжвузаўскага фестывалю творчасці замежных і беларускіх студэнтаў «Творчасць – пасол міру», які праходзіў у фармаце Рэспубліканскага фестывалю творчасці замежных студэнтаў «F.-ART.by», арганізаванага Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і ўстановай адукацыі «Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У Міжнародны дзень студэнта на ўніверсітэцкай сцэне прадставілі свае творчыя нумары як беларускія студэнты, так і студэнты з Туркменістана, Узбекістана, Кітая, Нігерыі, Казахстана і Карэі, якія навучаюцца ва ўстановах вышэйшай адукацыі Брэсцкай вобласці (Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце, Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, Палескім дзяржаўным універсітэце, Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна).

Пралогам мерапрыемства сталі: студэнцкі танцавальны флэшмоб, прывітанне дэлегацый замежных студэнтаў і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лепшых студэнтаў Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, у ліку якіх былі і замежныя студэнты.

У праграму гала-канцэрта ўвайшлі не толькі яркія творчыя нумары замежных і беларускіх студэнтаў, але і выступленні інтэрнацыянальных дуэтаў, а таксама канцэртныя нумары мастацкіх калектываў аддзела культуры і творчасці БарДУ: народнага ансамбля «Музычны гасцінец»; вакальнай групы «Фольк-мажор»; народнага тэатра мініяцюр «Сафіт»; харэаграфічнага калектыву «Імпрэза»; народнага тэатра моды «Світа»; народнай студыі эстраднай песні «Талент».

Выступленні ўдзельнікаў канцэртнай праграмы выклікалі сапраўднае захапленне і бурныя авацыі гледачоў. Пасля заканчэння мерапрыемства замежным студэнтам былі ўручаны сертыфікаты ўдзельнікаў фестывалю і сувеніры з сімволікай БарДУ.

Уражаныя атмасферай дружбы і творчасці, замежныя госці выказалі велізарнае жаданне прыехаць на II міжнародны міжвузаўскі фестываль у 2016 годзе!

2015-11-24

САЙТЫ СТРУКТУРНЫХ ПАДРАЗДЗЯЛЕННЯЎ