Выязная інфармацыйная пляцоўка «Шчаслівыя разам» адбылася ў рамках работы клуба «Маладая сям'я»

Інфармацыйная пляцоўка прайшла на базе аддзела ЗАГС г. Баранавічы. 

Сям'я ― гэта самае важнае для кожнага чалавека, а шчаслівая сям'я ― гэта стымул, які прымушае кожнага з нас здзяйсняць тыя ўчынкі, якія робяць нашых родных шчаслівейшымі і багацейшымі. 

Менавіта таму 24 лютага ў рамках работы клуба «Маладая сям'я» студэнты нашага ўніверсітэта ажыццявілі займальную і традыцыйную экскурсію ў аддзел ЗАГС г. Баранавічы. 

Мерапрыемства было арганізавана педагогамі-псіхолагамі аддзела выхаваўчай работы з моладдзю з удзелам вядучага спецыяліста аддзела ЗАГС г. Баранавічы І. Кандрыцы і настаяцеля храма Святых Жон-міраносіц а. Канстанціна. 

У час сустрэчы ўдзельнікі атрымалі адказы на хвалюючыя многія пары пытанні: як і калі падаваць заявы ў ЗАГС; якія дакументы патрабуюцца пры падачы заявы; па якіх прычынах можа быць адмоўлена ў грамадзянскай рэгістрацыі; як праходзіць цырымонія шлюбу і інш.

У канцы экскурсіі студэнты прайшліся па дзвюх залах, у якіх праводзіцца рэгістрацыя шлюбаў, пабывалі ў «пакоях віншаванняў» і ў «пакоі жаніха і нявесты». Хтосьці нават пакружыў перад люстэркам, уяўляючы сябе ў шлюбнай сукенцы, а адна з будучых сямейных пар паспрабавала сябе ў адным з момантаў шлюбу. 

Айцец Канстанцін растлумачыў усім прысутным, у чым істотнае адрозненне і ці ёсць падабенства паміж таямніцай шлюбу ў цэркві і дзяржаўнай рэгістрацыяй шлюбу, як правільна падрыхтавацца да вянчання, ці трэба вянчацца адразу пасля рэгістрацыі шлюбу і іншыя моманты, а таксама выказаў сваю пазіцыю адносна грамадзянскага шлюбу: «...Царква глядзіць на шлюб не як на саюз псіхалагічна сумяшчальных людзей, а як на подзвіг, на школу кахання. І калі ўжо ты наважыўся злучыцца з чалавекам, то павінен гэтую школу прайсці да канца». 

У завяршэнне сустрэчы студэнтам былі прапанаваны да прагляду відэаролікі самых яркіх, арыгінальных выязных цырымоній шлюбаў, якія праводзяцца аддзелам ЗАГС г. Баранавічы.

2016-03-01

САЙТЫ СТРУКТУРНЫХ ПАДРАЗДЗЯЛЕННЯЎ