Зборная каманда ўніверсітэта заваявала трэцяе месца ў чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па армрэстлінгу

10—12 сакавіка 2016 года зборная каманда ўстановы адукацыі «Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт» прыняла ўдзел у чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па армрэстлінгу, які адбыўся ў Гомелі.

У вагавой катэгорыі 55 кг наш універсітэт прадстаўлялі студэнткі факультэта педагогікі і псіхалогіі кандыдаты ў майстры спорту Вольга Іванюк і Дар'я Яцкевіч.

Дзяўчыны паказалі высокі ўзровень майстэрства, праявілі волю да перамогі і, атрымаўшы ўпэўненыя перамогі, выйшлі ў фінал, дзе паміж сабой вызначылі чэмпіёна краіны.

Ва ўпартай барацьбе на левую і правую руку перамогу атрымала Дар'я Яцкевіч, выйграўшы сустрэчу ў майстра спорту міжнароднага класа, бронзавага прызёра чэмпіянату свету, сярэбранага прызёра чэмпіянату Еўропы, Ларысы Шапавалавай, спартсменкі, якая на працягу 15 гадоў на чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь не прайграла ніводнай сустрэчы .

Вольга Іванюк заваявала два другіх месцы. У вагавой катэгорыі 50 кг другое месца заваявала выпускніца факультэта эканомікі і права Марыя Гузоўская. Дзякуючы поспехам нашых дзяўчат зборная нашага ўніверсітэта заваявала трэцяе месца ў заліку сярод жаночых каманд Рэспублікі Беларусь.

Па выніках спаборніцтваў дзяўчаты ўвайшлі ў склад зборнай Рэспублікі Беларусь па армрэстлінгу і могуць прадстаўляць нашу краіну на чэмпіянаце свету і Еўропы 2016 года.

Пажадаем поспехаў у дасягненні высокіх вынікаў на міжнароднай арэне.

2016-03-22

САЙТЫ СТРУКТУРНЫХ ПАДРАЗДЗЯЛЕННЯЎ