Фінальны гала-канцэрт фестывалю-конкурсу «Таленты БарДУ-2016»

7 кастрычніка ў канцэртна-актавай зале ўніверсітэта адбыўся фінал XIII творчага праекта «Таленты БарДУ», які праходзіў у новым фармаце пад дэвізам «Год культуры! Спадчыну ведай, наватарам будзь!».

У разнажанравым гала-канцэрце, падрыхтаваным рэжысёрска-пастановачнай групай аддзела культуры і творчасці, прынялі ўдзел каля двухсот таленавітых студэнтаў. Яркім пачаткам мерапрыемства стала пазаконкурснае фестывальнае выступленне крэатыў-каманд факультэтаў, якія прадставілі візітоўкі-вітанні на тэму «Я студэнт маладзёжнай сталіцы!». У конкурснай праграме гала-канцэрта фіналісты праекта з ліку першакурснікаў стараліся здзівіць гледачоў і членаў журы сваімі талентамі ў розных жанрах мастацкай творчасці.

Прыемным і доўгачаканым момантам мерапрыемства стала цырымонія ўзнагароджання, у час якой былі ўручаны дыпломы ўсім фіналістам фестывалю-конкурсу. Дыпломы, каштоўныя прызы ад прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў і грашовыя прэміі ад універсітэта атрымалі пераможцы ў намінацыях «Тэатральная творчасць», «Вакальная творчасць», «Мастацкае чытанне», «Харэаграфічная творчасць», «Інструментальная творчасць», «Выяўленчая, дэкаратыўна-прыкладная творчасць». Дыпломамі ўдзельнікаў фестывалю за пазаконкурснае выступленне былі ўзнагароджаны крэатыў-каманды факультэтаў. Спецыяльныя прызы фіналістам ўручылі старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БарДУ А.В. Яцкевіч, старшыня каардынацыйнай рады лідараў студэнцкага самакіравання Р. Шухно, сакратары грамадскага аб'яднання пярвічнай арганізацыі БРСМ факультэтаў БарДУ, начальнік аддзела культуры і творчасці Г.У. Грэзе, партнёры мерапрыемства (кінатэатр «Зорка», кампаніі «Арыфлэйм» і «AVON», салон «Studio HM», кандытарская «Dolce vita», магазін спартыўнага харчавання «ВОЛАТ»).

Па рашэнні журы ўладальнікам вышэйшай узнагароды – кубка Гран-пры фестывалю-конкурсу – стала студэнтка факультэта славянскіх і германскіх моў Кацярына Панкевіч, якая пакарыла ўсіх гледачоў бліскучым выкананнем верша-пародыі «Я ў тэатральным вучылася...».

Віншуем усіх фіналістаў і пераможцаў універсітэцкага фестывалю-конкурсу мастацкай творчасці студэнтаў «Таленты БарДУ-2016»!!!

2016-10-13

САЙТЫ СТРУКТУРНЫХ ПАДРАЗДЗЯЛЕННЯЎ