Рэспубліканскі семінар-практыкум па тэатральным жанры

Яркай падзеяй у культурна-творчым жыцці Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта стаў двухдзённы рэспубліканскі семінар-практыкум «Фарміраванне творчай асобы сродкамі тэатральнага жанру», які сабраў кіраўнікоў тэатральных калектываў і спецыялістаў, што забяспечваюць арганізацыю мастацка-творчага вольнага часу моладзі ва ўстановах вышэйшай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Беларусь.

На афіцыйным адкрыцці семінара ўсіх удзельнікаў і гасцей віталі прадстаўнікі адміністрацыі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта (прарэктар па выхаваўчай рабоце П.І. Папко, начальнік аддзела культуры і творчасці Г.У. Грэзе) і прадстаўнікі адміністрацыі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі (намеснік дырэктара К.А. Кузьменка, загадчык аддзела сацыякультурных праектаў вучнёўскай і студэнцкай моладзі А.С. Лаўрыновіч).

Насычаная праграма семінара-практыкума складалася з работы секцый, інтэрактыўных і навукова-метадычных пляцовак, майстар-класаў, азнаямленчых экскурсій і выстаў, выступлення калектываў тэатральнага жанру. Культурна-асветніцкія бліцконкурсы, тэатральны трэнінг-флэшмоб, крэатыўныя эцюды, тэатральны дайджэст, інфармацыйна-пазнавальны экскурс, тэатральны бодзі-арт, мультымедыйная прэзентацыя тэатральных калектываў БарДУ, жывыя карціны са спектакляў народных аматарскіх калектываў «Світа» і «Сафіт», крэатыўная фотазона – усё гэта было падрыхтавана супрацоўнікамі аддзела культуры і творчасці спецыяльна для ўдзельнікаў і гасцей семінара.

Увагу да актуальных формаў псіхолага-педагагічнага суправаджэння дзейнасці творчых аб'яднанняў і калектываў прыцягнулі выступленіі на навукова-метадычнай пляцоўцы кандыдата педагагічных навук, дацэнта кафедры педагогікі В.І. Козел, выкладчыка-стажора кафедры псіхалогіі К.Д. Быкоўскай і студэнткі пятага курса, удзельніцы народнага тэатра моды «Світа» А.В. Амбражэй.

Вялікую цікавасць выклікалі майстар-класы кіраўнікоў тэатральных калектываў Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта М.В. Лукашэвіч і А.С. Пшэўлоцкай, кіраўнікоў тэатральных студый Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна і Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта – С.М. Шчэрбы і В.І. Карват, старшага выкладчыка кафедры рэжысуры кіно і тэлебачання Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў В.В. Мароза.

Тэатралізаванае прадстаўленне «І нараджаецца цуд спектакля...», рэжысёрам-пастаноўшчыкам якога выступіла Г.У. Грэзе, сабрала ў канцэртна-актавай зале ўніверсітэта ўсіх жадаючых далучыцца да асаблівага мастацтва тэатра. Сваю творчую дзейнасць гледачам прадставілі тэатральныя калектывы ўстаноў вышэйшай адукацыі Брэсцкай вобласці: народны маладзёжны тэатр мініяцюр «Сафіт», народны тэатр моды «Світа», студыя мастацкага чытання «Дзеяслоў» Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, народная тэатральная студыя «Слова» Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, тэатральная студыя «Эпізод Ў-нескладовік» Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна.

На падвядзенні вынікаў рэспубліканскага семінара-практыкума ўсім удзельнікам былі ўручаны сертыфікаты і памятныя сувеніры ў выглядзе тэатральных масак, спецыяльна падрыхтаваных кіраўніком гуртка выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Л.Р. Капуза.

2017-03-17

САЙТЫ СТРУКТУРНЫХ ПАДРАЗДЗЯЛЕННЯЎ