Фінал XIV фестывалю-конкурсу #ТалентыБарДУ-2017!

Грандыёзным гала-канцэртам завяршыўся 17 кастрычніка творчы марафон аднаго з самых маштабных і доўгачаканых маладзёжных праектаў універсітэта, фіналістамі якога сталі больш за семдзесят таленавітых канкурсантаў.

Толькі самыя яскравыя выступленні, афарбаваныя пазітыўнымі эмоцыямі, былі прадстаўлены ў гэты дзень на ўніверсітэцкай сцэне. Кожны ўдзельнік конкурснай праграмы стараўся пакарыць сэрцы гледачоў і здзівіць сваім талентам кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі вядомы кампазітар, паэт і выканаўца Фёдар Жыляк, дырэктар цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы г. Баранавічы Таццяна Рудкоўская, дырэктар адасобленага структурнага падраздзялення «Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж» Алена Абарава, дырэктар школы сучаснага танца «Ananko Dance School» Наталля Ананька, уладальнік Гран-пры фестывалю-конкурсу «Таленты БарДУ-2016» Кацярына Панкевіч і старшыня журы, прарэктар па выхаваўчай рабоце Павел Папко.

Уся палітра талентаў маладзёжнага фестывальнага руху была прадстаўлена ў намінацыях «Тэатральная творчасць», «Вакальная творчасць», «Інструментальная творчасць», «Харэаграфічная творчасць», «Выяўленчая і дэкаратыўна-прыкладная творчасць», «Сацыяльны праект», «Дыджэінг/Скрынрайтынг» і «Мс-вядучы», «Сучасная лічбавая творчасць». Адметнай асаблівасцю гэтага года стаў удзел у творчым праекце не толькі першакурснікаў універсітэта, але і навучэнцаў адасобленага структурнага падраздзялення «Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж». Таксама ў рамках чатырнаццатага фестывалю афіцыйна стартаваў новы праект-конкурс «Лепшая крэатыў-каманда БарДУ».

Прыемным і хвалюючым момантам мерапрыемства стала цырымонія ўзнагароджання, падчас якой усім фіналістам былі ўручаны дыпломы пераможцы XIV фестывалю-конкурсу. Па ўжо існуючай добрай традыцыі фіналістаў чакалі спецыяльныя прызы ад аўтара ўніверсітэцкага праекта, начальніка аддзела культуры і творчасці Г.У. Грэзе, старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў А.В. Яцкевіч, сакратара ПА з правамі РК ГА БРСМ БарДУ К.М. Яўцюшына. Свае эксклюзіўныя падарункі і спецыяльныя прызы для фіналістаў падрыхтавалі і партнёры фестывалю: выдавецкі салон «Фенікс», кінатэатр «Зорка», цырульня «Studio KN», кампанія шведскай касметыкі «Oriflame», салон вясельнай моды «Papilio», салон «DiZi-Style», крама камп’ютэрнай тэхнікі і электронікі «Red камп’ютэр-сэрвіс», мастацкая майстэрня «Рамейка», кандытарская «Dolce Vita».

Не абышлося і без новаўвядзенняў. Упершыню журы прымала рашэнне аб уручэнні дыпломаў лаўрэата фестывалю-конкурсу, якімі былі ўзнагароджаны:

  • вядучыя Яўген Мірановіч і Валерыя Немчанка;
  • вакалісты Дар'я Юркевіч і Анатоль Данільчык;
  • Валянціна Сянчыла (мастацкае чытанне);
  • Павел Сой (біт-бокс);
  • Ілля Шуста (інструментальная творчасць);
  • эстрадна-гумарыстычная сцэнка «Як Іван-дурань ажаніўся»;
  • мініяцюра «Бравая тройка»;
  • танцавальная кампазіцыя «New flame»;
  • вакальны нумар «Гісторыя жыцця»;
  • кампазіцыя «Летуценнікі» конкурснай намінацыі «Тэатр моды».

Таксама ў гэтым годзе па выніках тайнага галасавання фіналістаў быў вызначаны ўладальнік прыза сімпатый канкурсантаў «Дастойны сапернік». Ім стаў Анатоль Данільчык, які выканаў песню з сусветна вядомай сагі пра агента 007 Джэймса Бонда.

У фінальнай частцы гала-канцэрта вырашылася і галоўная інтрыга конкурсу. Рэктар універсітэта Васіль Іванавіч Качурка падзякаваў ўсім фіналістам фестывалю за яркія выступленні і ўручыў кубак Гран-пры самаму таленавітаму ўдзельніку конкурснай праграмы. Па рашэнні журы шчаслівым уладальнікам вышэйшай узнагароды стаў Ілля Шуста, які бліскуча выканаў на баяне прыгожую інструментальную кампазіцыю.

Чарговае свята таленту і студэнцкай творчасці, падрыхтаванае рэжысёрска-пастановачнай групай аддзела культуры і творчасці, адбылося! Віншуем усіх фіналістаў і пераможцаў XIV фестывалю-конкурсу #ТалентыБарДУ-2017! і чакаем новых сустрэч на ўніверсітэцкай сцэне!

2017-10-23

САЙТЫ СТРУКТУРНЫХ ПАДРАЗДЗЯЛЕННЯЎ