Вялікі май! Пераможны май!

Пад такой назвай у Баранавіцкім дзяржаўным ўніверсітэце прайшла канцэртная праграма, прысвечаная 73-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. На святочнае мерапрыемства, падрыхтаванае аддзелам культуры і творчасці БарДУ, былі запрошаны ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і ветэраны 203-га Гвардзейскага палка Далёкай авіяцыі.

Песні ваенных гадоў, якія суправаджаліся прыгожымі відэаролікамі і слайд-шоў, танцавальныя нумары, кампазіцыі тэатра моды і чытанне вершаў у выкананні ўдзельнікаў мастацкіх калектываў зачароўвалі гледачоў, быццам пераносячы іх у той страшны, але значны ў гісторыі час. Свята «са слязамі на вачах» выклікала буру эмоцый і пакінула глыбокае ўражанне ў сэрцы кожнага з нас, а ветэранам былі ўручаны кветкі і памятныя сувеніры ад універсітэта.

Акрамя таго, 9 мая творчыя калектывы ўніверсітэта прынялі ўдзел у гарадскім святочным канцэрце, які адбыўся ў парку культуры і адпачынку імя 30-годдзя УЛКСМ, дзе таксама павіншавалі ветэранаў і жыхароў нашага горада з Днём Перамогі і аддалі даніну падзякі за гераічны подзвіг салдат.

2018-05-18

САЙТЫ СТРУКТУРНЫХ ПАДРАЗДЗЯЛЕННЯЎ