Адкрылася «Майстэрня юнага акцёра»

1 чэрвеня ў Міжнародны дзень абароны дзяцей у рэпетыцыйнай зале народнага маладзёжнага тэатра мініяцюр «Сафіт» у рамках фестывалю «Саюз дабра» была адкрыта «Майстэрня юнага акцёра», арганізаваная па ініцыятыве кафедры педагогікі, Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Баранавіцкага раёна і падрыхтаваная аддзелам культуры і творчасці Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

На мерапрыемстве прысутнічалі начальнік АКіТ рэжысёр тэатра «Сафiт» Г.У. Грэзе, дацэнт кафедры педагогікі кандыдат педагагічных навук В.І. Козел, сацыяльны педагог сацыяльна-педагагічнага цэнтра Баранавіцкага раёна Т.В. Казакевіч і педагог-псіхолаг аддзела выхаваўчай работы БарДУ В.М. Бабылёва. Акрамя таго, паўдзельнічаць у дабрачыннай акцыі і падтрымаць дзяцей з прыёмных сем’яў прыйшлі студэнты – удзельнікі народнага маладзёжнага тэатра мініяцюр «Сафіт»: Т. Грамічук, А. Ухань, Я. Рус і М. Іваноў.

Акцёры аматарскага тэатра разам з дзецьмі выконвалі артыкуляцыйную размінку і практыкаванні па сцэнічнай мове, дапамагалі ім у інсцэніроўцы казкі «Калабок» на сучасны лад. Я. Рус паказала майстар-клас – урывак з камедыі Янкі Купалы «Паўлінка». У фінале сустрэчы ўсе разам прынялі ўдзел у танцавальным флэшмобе пад песню народнага тэатра мініяцюр «Сафiт».

Па сцэнарыю, распрацаванаму педагогамі-арганізатарамі Т.У. Півавар і А.С. Пшэўлоцкай, дзеці змаглі акунуцца ў свет тэатра і адчуць сябе сапраўднымі акцёрамі, а для бацькоў былі падрыхтаваны рэкамендацыі па арганізацыі тэатральнай дзейнасці дома.

Асноўнай ідэяй сацыяльнага праекта з’яўляецца сацыялізацыя і адаптацыя дзяцей у прыёмныя сем'і з дапамогай тэатральнай творчасці, бо тэатр – вялікая аб’яднальная сіла!

2018-06-07

САЙТЫ СТРУКТУРНЫХ ПАДРАЗДЗЯЛЕННЯЎ