УНИВЕРСIТЭТ

Госць бібліятэкі – пісьменнік Юрый Татарынаў

19 лістапада 2013 года бібліятэка ўніверсітэта запрашае студэнтаў і выкладчыкаў на творчую сустрэчу з Юрыем Татарынавым. Сустрэча адбудзецца ў 13:20 у чытальнай зале новых паступленняў бібліятэкі (аўдыторыя 203, 2-гі паверх, вул. Паркавая,62).

Юрый Татарынаў – папулярны беларускі аўтар, вядомы сваімі літаратурнымі творамі аб гісторыі Беларусі. У аснове яго твораў легенды і паданні даўніны, героі яго аповесцей, апавяданняў і раманаў – рэальныя людзі.
Нарадзіўся Юрый Татарынаў у 1954 годзе ў Расіі. Бацька быў афіцэрам Савецкай Арміі, таму сям'я перамяшчалася па ўсёй тэрыторыі Савецкага Саюза. Калі Юрыю было 6 гадоў, сям'я пераехала ў Коласава Стаўбцоўскага раёна.
Пасля службы ў арміі паступіў у БДУ імя Леніна на факультэт радыёфізікі і электронікі. Скончыў яго ў 1979 годзе. Працаваў у Інстытуце электронікі Акадэміі навук БССР на пасадзе навуковага супрацоўніка.
Праз 15 гадоў пасля заканчэння ВНУ заняўся літаратурнай творчасцю прафесійна. Да гэтага часу ужо меў свой стыль і знайшоў сваю тэму.
Член Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь з 2005 года.
Заснавальнік чатырох кніжных серый: «Беларусь гістарычная», «Аб каханні», «Гарады Беларусі», «Кніга для займальнага чытання на кожны дзень».
«Наша гісторыя маральная, чыстая, як вада ў крыніцах», – тлумачыць пісьменнік сваю цікавасць да любімай тэмы.

Аўтар сцвярджае: «Помнікі, якія захаваліся да нашых дзён, навялі мяне на думку запісаць гэтыя гісторыі. Вядома, сёе-тое я прысачыняў. Але ў цэлым усё — праўда!».

Юрый Татарынаў – аўтар кніг: «Фатальны запал караля Міндоўга», «Барбара Радзівіл», «Княгіня Мянжынская», «Аракул. Кніга для займальнага чытання на кожны дзень»,«Клопаты апошняга караля», «Яцвягі»,серыі кніг «Гарады Беларусі» і іншых твораў. Рыхтуецца да выпуску чарговая кніга гістарычных твораў «Завяшчанне князя Гедыміна», у якую ўвойдуць чатыры аповесці, аб'яднаныя адной тэмай, – станаўлення хрысціянства ў старажытнай Літве.

Тэлефоны для даведак: 8(0163)40-98-86, 217(унутр.), МТС 8(029)821-12-67

18.11.2013