УНИВЕРСIТЭТ

У канцэртна-актавай зале БарДУ 11 лютага 2016 г. у 19:00 адбудзецца канцэрт класічнай музыкі «Поры года»

11 лютага 2016 года ў 19:00 у канцэртнай зале БарДУ (вул. Паркавая, 62) выступяць знакамітыя на ўвесь свет беларускія музыкі маладога пакалення: Арцём Шышкоў (скрыпка), Іван Карызна (віяланчэль) і Кірыл Кедук (фартэпіяна), якія выканаюць «Поры года» вялікага Пятра Ільіча Чайкоўскага і легендарнага Астара Пьяццоллы. 

Ва ўсім свеце дзясяткі лепшых канцэртных залаў і кантракты на год наперад чакаюць гэтых музыкаў-віртуозаў, здольных закахаць неспрактыкаванага слухача ў класічную музыку!

Арцём Шышкоў, выпускнік Венскага інстытута музыкі, вядомы як першы беларус, які сыграў на скрыпцы вялікага майстра Страдывары. Яго імя ўпісана ў «Залатую кнігу» Фонду «Новыя імёны Планеты» і стаіць у праграмах найбуйнейшых міжнародных фестываляў. Лаўрэат 16 міжнародных музычных спаборніцтваў, сярод якіх самы прэстыжны ў свеце конкурс імя каралевы Лізаветы ў Брусэлі (Бельгія). 

Выпускнік Парыжскай Кансерваторыі, віяланчэліст Іван Карызна першым з беларусаў стаў фіналістам класічнага «Еўрабачання-2010», а праз год заваяваў лаурэатства на прэстыжным конкурсе імя П. Чайкоўскага. Віяланчэль XIX стагоддзя, на якой іграе Іван, і для якой яму даводзіцца купляць другі білет на самалёт, была падорана музыканту Уладзімірам Співаковым, які параўнаў талент беларускага музыкі з геніем М. Растраповіча. 

Піяніст Кірыл Кедук - выпускнік Міжнароднай фартэпіяннай акадэміі (Італія), Музычнага ўніверсітэта імя Ф. Шапэна ў Варшаве і Каралеўскага паўночнага каледжа музыкі (Манчэстэр, Англія). Пераможца конкурсу Уладзіміра Гаровіца і лаўрэат 15 міжнародных конкурсаў. Ён выступае ў якасці саліста з вядомымі аркестрамі ў Германіі, Італіі, Швейцарыі, Расіі і ЗША. 

Без перабольшанняў, непаўторны артыстызм беларускіх музыкаў не пакідае слухачоў абыякавымі, а іх віртуознасць і эмацыйнасць зачароўвае, нават гіпнатызуе!

 

Заказаць квіткі (70 тыс. рублёў, а для членаў прафсаюза - 50 тыс. рублёў) можна па тэлефонах: 8 (029) 524 45 51; 8 (029) 720 72 25 (МТС); 8 (029) 394 19 55 (vel)

Прапусціць такі канцэрт немагчыма!

04.02.2016