УНИВЕРСIТЭТ

Прымадонна беларускай аперэты выступіць на баранавіцкай сцэне

9 кастрычніка 2018 г. а 19: 00 у Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце адбудзецца выступленне народнай артысткі Беларусі Наталлі Гайды.

Дзякуючы бездакорнаму акцёрскаму выкананню, віртуознаму валоданню вакалам і танцавальнаму майстэрству Наталля Гайда дасягнула сапраўднага поспеху і прызнання, стаўшы легендай не толькі беларускай, але і сусветнай аперэты.

Музычны спектакль пад назвай «Усё, што было...» з'яўляецца вынікам творчага супрацоўніцтва Наталлі Гайды і салісткі Беларускай дзяржаўнай філармоніі, мастацкага кіраўніка «Музычнай гасцёўні» Таццяны Старчанкі, якая неаднаразова выступала ў Баранавічах з вялікім поспехам.

«Пастараемся стварыць атмасферу, што пранізана токамі любові да вялікай артысткі», — паабяцала Таццяна Старчанка.

Падчас выступлення прагучаць песні і рамансы XX стагоддзя з рэпертуару Клаўдзіі Шульжэнкі, Ізабелы Юр'евай, Вадзіма Козіна і іншых выканаўцаў мінулых гадоў.

Музычныя перавагі Наталлі Гайды залежаць ад настрою. Асабліва артыстцы падабаецца сімфа-джаз, а таксама творчасць Сяргея Рахманінава, Аляксандра Скрабіна і Пятра Чайкоўскага.

«Непараўнальная Гайда», «чароўная прымадона», «сімвал аперэты» — такімі эпітэтамі ўзнагароджваюць выканаўцу ўдзячныя гледачоў. А калегі і вучні дадаюць: «Наталля Віктараўна — Майстар сваёй справы, вялікая працаўніца і ўзор для пераймання!».

Яркая, харызматычна прыцягальная Наталля Гайда запрашае ўсіх аматараў музыкі на канцэрт, квіткі на які стануць выдатным падарункам да Дня пажылых людзей, Дня настаўніка і Дня маці!

 

Інфармацыя і замова квіткоў:
8 029 524 45 51 МТС
8 029 394 19 55 VEL
8 029 720 72 25 МТС

Кошт квітка 8 рублёў.

19.09.2018