УНИВЕРСIТЭТ

Лідары БарДУ прынялі ўдзел у міжнародным маладзёжным форуме

У верасні ў Беларускім дзяржаўным універсітэце прайшоў II Міжнародны моладзевы форум «М.І.Р. ― гэта наша будучыня».

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт стаў пляцоўкай абмену вопытам для 60 лідараў студэнцкіх арганізацый з 18 універсітэтаў 7 краін.

Праца на працягу форуму вялася ў трох секцыях: «Удзел студэнтаў у кіраванні ўніверсітэтам і ў забеспячэнні якасці адукацыі», «Працаўладкаваннне студэнтаў як арганізацыйная і змястоўная характарыстыка адукацыйнага працэсу» і «Моладзевае прадпрымальніцтва і формы развіцця бізнес-ідэй моладзі».

Экспертным меркаваннем па пытаннях студэнцкага самакіравання і кантролю якасці адукацыі падзяліліся намеснік дырэктара Цэнтра ацэнкі якасці вышэйшай адукацыі Аўрэлія Валекіян (Літва), дырэктар Інфармацыйнага цэнтра Савета Еўропы ў Мінску Ларыса Лукіна, нацыянальны эксперт у Назіральнай групе Балонскага працэсу Аляксандр Рытаў.

«Як старшыня студэнцкага савета факультэта славянскіх і германскіх моў, рада быць прадстаўніком Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, таму што форум ― гэта заўсёды час асобаснага росту і абмену вопытам паміж лідарамі студэнцкага самакіравання Беларусі і іншых краін», ― Карына Кобрын.

05.10.2017