УНИВЕРСIТЭТ

Госці бібліятэкі - рэдакцыя часопіса «Родная прырода»

Часопіс «Родная прырода» ў 2017 годзе адзначае свой юбілей – 45 гадоў! Бібліятэка ўніверсітэта запрасіла на сустрэчу са студэнтамі галоўнага рэдактара часопіса В.У. Пралюк і фотакарэспандэнта А.П. Дрыбаса.

Кожны нумар «Роднай прыроды» змястоўны і напоўнены ўнікальнымі фотаздымкамі. Чытачы бібліятэкі любяць часопіс, ён запатрабаваны ў вучэбным працэсе. Менавіта таму студэнты факультэта педагогікі і псіхалогіі, груп ГЕА-11, ГЕА-31 і НА-11 з задавальненнем прыйшлі на сустрэчу разам са сваім выкладчыкам і куратарам У.М. Зуевым.

Вольга Уладзіміраўна, галоўны рэдактар, расказала аб гісторыі стварэння часопіса, пра тое, як фарміруюцца рубрыкі, як вярстаецца нумар. Анатоль Пракопавіч паказаў студэнтам свае фотаработы і распавёў, як ствараюцца ўнікальныя кадры.

Фотакарэспандэнт А.П. Дрыбас з'яўляецца аўтарам фатаграфій у фотаальбоме «Жывая вера. Ветка», які быў прызнаны «Кнігай года-2012». У 2014 годзе Анатоль Пракопавіч стаў пераможцам нацыянальнага конкурсу « Залаты фаліянт» як лепшы фотамастак. У нашай бібліятэцы ёсць і іншыя кнігі з фотаработамі майстра: «Беларускія народныя музычныя інструменты» і «Беларусь замкавая».

Удзельнікаў сустрэчы парадавала сваім талентам студэнтка факультэта славянскіх і германскіх моў, удзельніца студыі мастацкага чытання «Дзеяслоў», уладальніца Гран-пры фестывалю-конкурсу «Таленты БарДУ – 2016» Панкевіч Кацярына. Вершы ў яе выкананні дапоўнілі святочную атмасферу сустрэчы.

13.10.2017