УНИВЕРСIТЭТ

Адкрыты дыялог «Рэлігія - навука - грамадства», прымеркаваны да Года навукі ў Рэспубліцы Беларусь і да 300-годдзя з дня нараджэння святога Георгія Каніскага, прайшоў у БарДУ

Такія сустрэчы духавенства і студэнцтва Баранавічаў сталі ўжо традыцыйнымі ва ўніверсітэце. Яны дазваляюць моладзі глыбей і рознабакова далучацца да досведу мінулага і паразважаць пра праблемы беларускага грамадства і дзяржавы. Бо цяпер першачарговая задача адукацыі заключаецца ў тым, каб навучыць чалавека быць адкрытым сучаснаму свету, але пры гэтым захаваць сваю духоўную цэласнасць, маральнасць і хрысціянскую сістэму каштоўнасцяў. 

У сучасным свеце мы бачым дзеянне мноства дэструктыўных арганізацый, навязванне «агульначалавечых» каштоўнасцяў і іншых антыхрысціянскіх ідэалаў. Даводзіцца канстатаваць зніжэнне маральнага і культурнага ўзроўню сучаснага грамадства. Усё гэта сведчыць аб важнасці захавання нашых духоўных і культурных ідэалаў, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай ўсходнеславянскай цывілізацыі.

Удзел у мерапрыемстве прынялі рэктар БарДУ прафесар В.І. Качурка, протадыякан, протаіерэй, настаяцель прыхода храма святога благавернага Аляксандра Неўскага г. Баранавічы кандыдат багаслоўя Віталь Лазоўскі, старшы выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі кандыдат багаслоўя Павел Бубноў, протадыякан, кіраўнік місіянерскага аддзела Пінскай епархіі кандыдат багаслоўя Андрэй Гарбуноў, іерэй, клірык прыхода святых Жонак-Міраносіц г. Баранавічы бакалаўр багаслоўя Аляксандр Ляшкевіч. 

Удзельнікі адкрытага дыялогу абмяркоўвалі пытанні зараджэння школы ў Царкве, праблемы веравызнання ў Рэчы Паспалітай у ХVIII ст., успаміналі забытыя старонкі гісторыі айчынных адукацыі і навукі і інш.

17.11.2017