УНИВЕРСIТЭТ

Творчая сустрэча з баранавіцкім кампазітарам і паэтам Міхаілам Скрундзем

27 лістапада на факультэце педагогікі і псіхалогіі ў чытальнай зале адбылася творчая сустрэча з баранавіцкім кампазітарам і паэтам Міхаілам Скрундзем, вядомым далёка за межамі нашага горада.

Студэнты 1-га курса спецыяльнасці «Пачатковая адукацыя» пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры педагогікі А.М. Аўдзей падрыхтавалі змястоўную прэзентацыю з паказам слайд-шоў, відэаматэрыялаў з выкананнем песень аўтара вядомымі калектывамі Беларусі: «Бяседа», «Прымакі», «ФЭСТ».

На творчую сустрэчу быў запрошаны народны ансамбль народнай музыкі «Дзівосы» (кіраўнік Т.А. Бязсілка), з якім шмат гадоў супрацоўнічае кампазітар. У творчым тандэме, у год малой радзімы, імі былі створаны дзве пастановачныя працы: мюзікл «А ў нашай вёсцы не было вяселля» і гумарыстычная замалёўка «Суботка», эпізоды з якіх былі паказаны гледачам.

Гучалі песні ў выкананні самога кампазітара: «Братка беларус» «Гаворка беларуская», «Цыбуля», а таксама гумарыстычная песня на словы К.С. Трысцень «Суседка».

Акрамя лірычных, гумарыстычных, патрыятычных песень у Міхаіла Скрундзя ёсць духоўная музыка. Песню «Багародзіца» выканала лаўрэат Міжнароднага конкурсу «Музыка ў сэрцы» А. Ваўчок.

Нядаўна М. Скрундзь завяршыў сваю трохгадовую працу па перакладзе Евангелля ад Лукі з біблейскага «Новага Запавету», некалькі глаў з якога ён зачытаў.

Завяршылася творчая сустрэча чытаннем аўтарам «пэрлаў» – невялікіх вершаваных твораў, навеяных разважаннямі аб філасофскай спадчыне Амара Хаяма, і словамі падзякі ад усіх прысутных.

04.12.2018