УНИВЕРСIТЭТ

Тыдзень кафедры філалогіі факультэта славянскіх і германскіх моў

Традыцыйна кафедра філалогіі факультэта славянскіх і германскіх моў праводзіць Тыдзень кафедры, прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы, які ўся міжнародная супольнасць святкуе 21 лютага. У сувязі з гэтай нагодай студэнтамі груп БІЯ-11, ЭМ-11, ГЭ-11 праведзены інфармацыйныя хвіліны для студэнтаў факультэтаў славянскіх і германскіх моў, педагогікі і псіхалогі, інжынернага, эканомікі і права.

Студэнты-філолагі змястоўна і эмацыянальна расказалі пра гісторыю ўзнікнення свята ўшанавання роднай мовы, з пачуццём павагі гаварылі пра нашу родную беларускую мову, заклікалі шанаваць яе, бо мова – жывая тканіна, прарастае там, дзе крынічыць людское жаданне.

Да Міжнароднага дня роднай мовы студэнты падрыхтавалі плакаты –яркія, змястоўныя, з густам аформленыя.

19 лютага 2018 года старшымі выкладчыкамі І.С. Чуносавай і Д.С. Томчыкам падрыхтаваны і праведзены брэйн-рынг «Філалогія – каралева навук» для студэнтаў I курса факультэта славянскіх і германскіх моў. Удзел прынялі 6 каманд: па 5 прадстаўнікоў ад груп СЗМ-11, СЗМ-12, СЗМ-13, ЗМ-11, ЗМ-12, БЗМ-11.

Прапанаваныя студэнтам пытанні мелі навукова-папулярны характар, некаторыя з іх былі накіраваны на развіццё агульнай эрудыцыі студэнтаў, іншыя – узяты з тых дысцыплін, якія вывучаюцца на I курсе. Галоўная ўвага была скіравана на рэалізацыю міжпрадметных сувязей, на фарміраванне ўменняў рабіць лінгвістычны і этымалагічны аналіз, прымяняць лінгвістычныя законы для вырашэння мовазнаўчых задач. У ходзе спаборніцтва (паэтапна – паўфінал, фінал і суперфінал) з вялікім адрывам у балах ад іншых каманд пераможцам была аб’яўлена група ЗМ-11. Другое месца заняла група СЗМ-11, трэцяе – БЗМ-11.

Журы брэйн-рынга, у склад якога ўвайшлі старшыя выкладчыкі кафедры філалогіі Т.І. Несцяровіч, Л.У. Пракоф’ева, Д.С. Томчык, адзначыла, што такое мерапрыемства павінна быць традыцыйным у межах Тыдня кафедры. Яно павышае ўзровень матывацыі вучэбнай дзейнасці, паляпшае якасць па спецыяльных дысцыплінах, развівае лагічнае і абстрактнае мысленне.

У межах тыдня кафедры філалогіі кандыдатам філалагічных навук А.М. Фенчуком арганізавана літаратурная сустрэча «Галасы маладых». Яна прайшла некалькі незвычайна: перад аматарамі паэзіі выступіла вядомая баранавіцкая паэтка Р.М. Раманчук. Яна адказала на пытанні невялікага інтэрв’ю, прадэманстравала талент імправізацыі, прачытала творы мінулых гадоў, свае новыя вершы.

Прачытаныя ў «Галасах маладых» вершы стваралі цёплую атмасферу літаратурнага свята, спрыялі атрыманню эстэтычнага задавальнення ад вобразнага слова, далі магчымасць трапіць на «паэтычную кухню» маладых аўтараў. На літаратурным свяце гучалі вершы пра каханне, адзіноцтва, сэнс жыцця і прыгажосць навакольнага свету. Са сваімі вершамі выступілі студэнты факультэта славянскіх і германскіх моў В. Ярмоліч, А. Сіневіч, К. Панкевіч і В. Папруга. Факультэт педагогікі і псіхалогіі прадставіў І. Шушкевіч. На сустрэчу быў запрошаны студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Д. Нікалаеў, выпускнік ДУА «Гімназія № 1 г. Баранавічы» (філіял кафедры). Напрыканцы сустрэчы былі прадэманстраваны слайды з фотаздымкамі ўдзельнікаў папярэдніх паэтычных вечарын.

24 лютага 2018 года ў межах Тыдня кафедры філалогіі студэнты групы БЗМ-11 наведалі беларускі кірмаш «Квітней, Беларусь!», які праводзіўся на базе ДУА «Гімназія № 1 г. Баранавічы» (філіял кафедры). Студэнты сталі арганізатарамі адной са «станцый» – «Па сцежках Я. Коласа і Я. Купалы». У форме віртуальнай віктарыны па раздзелах «Біяграфія Я. Купалы», «Творчасць Я. Купалы», «Біяграфія Я. Коласа», «Творчасць Я. Коласа» і «Песняры і сучаснасць» навучэнцам гімназіі былі прапанаваны пытанні рознага ўзроўню цяжкасці. Вядучымі на станцыі выступілі К. Губко, Я. Калюта, Я. Шчэрба – студэнты групы БЗМ-11. Падлік заробленых балаў вяла Я. Кавальчук. Варта адзначыць высокую актыўнасць удзельнікаў, жаданне адказаць правільна на большую колькасць пытанняў віктарыны.

Падрыхтавалі студэнты і печыва для продажу на кірмашы. Заробленыя «грошы» патрацілі на білеты і наведалі гала-канцэрт «Квітней, Беларусь!».

02.03.2018