УНИВЕРСIТЭТ

На факультэце педагогікі і псіхалогіі праведзена студэнцкая алімпіяда «Здаровы лад жыцця»

У адпаведнасці з планам работы на навучальны год 25 мая 2018 года кафедрай тэорыі і практыкі фізічнай культуры падрыхтавана і праведзена студэнцкая алімпіяда «Здаровы лад жыцця» на факультэце педагогікі і псіхалогіі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. У алімпіядзе прынялі ўдзел каманды кафедры педагогікі, кафедры псіхалогіі, кафедры дашкольнай адукацыі і тэхналогій і кафедры тэорыі і практыкі фізічнай культуры. Ужо падчас першага конкурсу «Прывітанне каманды» стала зразумела, што кожная каманда сур'ёзна рыхтавалася, выкарыстоўваючы мультымедыя, аўдыёінтэрв’ю студэнтаў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў службаў універсітэта. Бліснулі гумарам каманда кафедры педагогікі, выкладаннем у паэтычнай форме каманда кафедры тэорыі і практыкі фізічнай культуры, выразна адрэпеціраванай падачай ідэі роўнасці шчасця і здароўя – каманда кафедры псіхалогіі. Члены журы (старшыня – дэкан факультэта І.У. Наважылава, намеснік дэкана Н.А. Клімко і дацэнт кафедры тэорыі і практыкі фізічнай культуры К.С. Трысцень) былі вымушаныя выставіць высокія балы кожнай камандзе. У конкурсе «Здаровы лад жыцця на нашай кафедры» прадэманстравана ідэя стварэння ў нашым універсітэце ўсіх умоў для захавання і ўмацавання здароўя студэнтаў. Лягчэй за ўсё было гэта паказаць камандзе тэорыі і практыкі фізічнай культуры, якая прадэманстравала ўдзел студэнтаў ва ўсіх выкладаемых відах фізкультуры і спорту. Усмешкамі свяціліся вочы студэнтаў з экрана і ўсіх прысутных, што пацвярджала абстаноўку добразычлівасці, хоць каманды супернічалі за першынство і кожная марыла перамагчы. У зале электроннай бібліятэкі ў гэты час праходзіла тэставанне па тэме алімпіяды. Безумоўна, вызначыліся студэнты Толах Павел (кафедра тэорыі і практыкі фізічнай культуры) і Церасані Яўген (кафедра псіхалогіі), якія атрымалі спецыяльныя прызы.

Па выніках алімпіяды дыпломам першай ступені ўзнагароджана каманда тэорыі і практыкі фізічнай культуры, якую падрыхтавала выкладчык Т.І. Трышчына. На другім месцы каманда кафедры педагогікі, рыхтавала каманду старшы выкладчык Н.І. Дзегіль, і дыплом трэцяй ступені атрымала каманда кафедры дашкольнай адукацыі і тэхналогій, якую падрыхтавала Я.В. Ляшкевіч. Кожнаму члену каманд ўручаны падзякі і салодкія падарункі.

Варта адзначыць абстаноўку урачыстасці, радасці за ўласныя поспехі і дасягненні студэнтаў з іншых каманд. Студэнты былі добра падрыхтаваны, упэўнена выконвалі заданні, прадэманстраваўшы эрудыцыю, артыстызм, выдатнае валоданне матэрыялам, так што алімпіяда стала сапраўдным святам маладосці, здароўя, высакароднасці і самадастатковасці. Мерапрыемства спадабалася ўсім удзельнікам, і адразу ж былі  намечаны планы на будучы навучальны год, улічваючы, што ўдзельнікамі каманд былі студэнты першага і другога курсаў, і яны гатовыя прыняць удзел у наступных алімпіядах.

04.06.2018