УНИВЕРСIТЭТ

Алімпіяда па сацыяльнай педагогіцы

11 снежня на кафедры педагогікі адбылася алімпіяда па сацыяльнай педагогіцы. Арганізатарамі выступілі старшы выкладчык Дзегіль Наталля Iванаўна, выкладчыкі Васілевіч Наталля Аляксандраўна і Міранкова Алена Уладзіміраўна.

У алімпіядзе прымалi ўдзел 8 зборных каманд — студэнты I—IV курсаў спецыяльнасці «Сацыяльная педагогіка» і выпускнікі школ горада Баранавічы (СШ № 10, 13, 18, гімназія № 2) і раёна (Жамчужненская сярэдняя школа).

Прафесія педагога сацыяльнага хоць і не новая, але складаная, бо мы маем справу з дзіцячымі лёсамі, рашэннем сямейных праблем, дзе ў цэнтры ўвагі — дзіця. Вось і назвы каманд былі падабраныя з глыбокім сэнсам: «Спадчына Макаранка», «Вектар»,«Валанцёры гаротных лёсаў»,«Падпаленыя сэрцы»,"Makarenko version 2:0",«Міратворцы»,"SOS" і "Kvintent Antiseptik".

Заданні ў алімпіядзе былі рознага ўзроўню складанасці: тэарэтычны блок тэстаў, крыжаванкі, фотаўлоўкі; экспромт-выказванні цытат вялікіх педагогаў; інсцэніроўка казкі з акцэнтам на выхаваўчы момант; алгарытм працы педагога сацыяльнага з сем'ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, з дэвіянтнымі падлеткамi і інш.

Сяргей Вінаград, начальнік аддзела па адукацыі Баранавіцкага раёна, член журы, успомніў свае студэнцкія гады і пажадаў алімпіядзе пашыраць свае гарызонты! А для школьнікаў гэта было незабыўным камандным спаборніцтвам. Мы спадзяемся, што сённяшнія школьнікі стануць заўтрашнімі студэнтамі нашага ўніверсітэта!

19.12.2019