УНИВЕРСIТЭТ

Маладыя даследчыкі абмяняліся думкамі на міжнароднай канферэнцыі ва ўніверсітэце

17 мая 2018 года ва ўніверсітэце адбылася XIV Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя маладых даследчыкаў «Садружнасць навук. Баранавічы — 2018 ».

Вочны ўдзел у канферэнцыі прынялі прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама студэнты Смаленскага гуманітарнага ўніверсітэта.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі выступілі У.У.Клімук, прарэктар па навуковай рабоце, кандыдат эканамічных навук, дацэнт, А.Г.Толкач, старшыня савета маладых вучоных, старшы выкладчык кафедры тэарэтычнай і прыкладной эканомікі, і К.Д.Быкоўская, кіраўнік студэнцкага навуковага таварыства, выкладчык кафедры псіхалогіі.

У рамках канферэнцыі праведзены пленарнае і 14 секцыйных пасяджэнняў па заяўленых напрамках.

На пленарным пасяджэнні былі прадстаўлены актуальныя тэмы навуковых работ: «Рэалізацыя канцэпцыі «Разумны дом» з галасавым інтэрфэйсам і модульнай падтрымкай прылад кіравання на базе платформы Arduino» (А.А.Говар, В.І.Ілісцінаў, А.І.Нарановіч), «Прававыя аспекты інстытута франчайзiнгу ў грамадзянскім праве Рэспублікі Беларусь» (С.А.Варашкевіч), «Аслышкі ў англамоўных песнях як крыніца лінгвістычнага шоку» (Т.А.Літвінковіч), «Конкурс самаробнай тактыльнай кнігі «Шэсць пачуццяў» як сродак павышэння прафесійнай кампетэнцыі і граматнасці студэнтаў у пытаннях працы з дзецьмі з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі» (Т.В.Шчэрба). Падчас пленарнага пасяджэння актыўна вяліся дыскусіі ўдзельнікамі канферэнцыі.

Супрацоўнікамі бібліятэкі ўніверсітэта ўвазе ўдзельнікаў канферэнцыі прадстаўлены выстава публікацый прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэта і выстава работ студэнтаў — удзельнікаў конкурсу самаробнай тактыльнай кнігі «Шэсць пачуццяў».

Падчас пленарнага пасяджэння адбылося ўзнагароджанне дыпломамі студэнтаў — пераможцаў конкурсу «Лепшы студэнцкі навуковы артыкул», пераможцаў XIII Міжнароднай алімпіяды студэнтаў ВНУ па тэарэтычнай механіцы, пераможцаў конкурсу самаробнай тактыльнай кнігі «Шэсць пачуццяў», пераможцаў VII міжвузаўскай алімпіяды па асновах псіхалогіі і педагогікі «Я і свет».

Вынікі тэарэтычных і практычных даследаванняў будуць апублікаваны ў зборніку матэрыялаў навукова-практычнай канферэнцыі. Прыняты да публікацыі 312 тэзісаў дакладаў аспірантаў, магістрантаў, студэнтаў і навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі, Украіны.

24.05.2018