УНИВЕРСIТЭТ

Бібліятэка ўніверсітэта стала адной з кінапляцовак у рамках Міжнароднага фестывалю зялёнага дакументальнага кіно «Экочашка»

У чытальнай зале для навуковай працы 29 кастрычніка адбылася дэманстрацыя дакументальнага фільма італьянскага рэжысёра К'яры Андрыч «Принеси домой солнце».

Перад пачаткам паказу студэнты спецыяльнасці «Геаэкалогія» азнаёміліся з тэматычнай выставай кніжных і перыядычных выданняў, сярод якіх былі кнігі і артыкулы з часопісаў аб захаванні экасістэм мора і сушы, аб рэсурсазберагальных тэхналогіях, аб ліквідацыі голаду і жабрацкага існавання, аб барацьбе са зменамі клімату на Зямлі. Знаёмства з гэтай літаратурай дало магчымасць будучым геаэколагам яшчэ раз успомніць аб 17 Мэтах Устойлівага Развіцця, прынятых дзяржавамі-членамі ААН у 2015 годзе. У.М. Зуеў, старшы выкладчык кафедры прыродазнаўчых дысцыплін БарДУ, старшыня ЭКГА «Неруш», раскрыў змест кожнай з 17 Мэтаў Устойлівага Развіцця, надаўшы асаблівую ўвагу таннай і чыстай энергіі.

Фільм «Принеси домой солнце» апавядае не толькі пра атрыманне «чыстага святла» шляхам вырабу сонечных батарэй, але таксама аб магчымасці атрымання тэхнічнай адукацыі незалежна ад полу і ўзросту. Barefoot College ў Індыі – месца, куды смелыя жанчыны з самых бедных рэгіёнаў свету, ад Пакістана да Сан-Сальвадора, прыязджаюць вучыцца рабіць сонечныя батарэі. Яны адважыліся на навучанне ў каледжы за тысячы кіламетраў ад дома, у іх няма адукацыі, яны не гавораць на англійскай мове, яны прыехалі з месцаў, дзе жанчына не мае іншай ролі, акрамя жонкі і маці. Цяпер яны адказваюць за энергію ў сваіх вёсках і «прыносяць сонца» ў кожны дом.

Гэта фільм, які ламае стэрэатыпы, які прымушае думаць і задаваць пытанні.

Фільм, які змяняе будучыню.

31.10.2018