УНИВЕРСIТЭТ

Удзел студэнтаў 1 і 2 курса факультэта славянскіх і германскіх моў у метадычных занятках з элементамі трэнінгу

У першай палове кастрычніка 2018 года на факультэте славянскіх і германскіх моў былі праведзены метадычныя заняткі з элементамі трэнінгу на тэмы «Метадычныя рэкамендацыі па падрыхтоўцы да заняткаў (студэнту на заметку)» і «Выкарыстанне мнематэхнікі для запамінання вербальнай інфармацыі», у якіх прынялі ўдзел студэнты 1 курса (групы БЗМ-11, ЗМ-11, СЗМ-12) і 2 курса (групы ЗМ-22, СЗМ-23).

Працэс адаптацыі студэнтаў займае значнае месца ў шэрагу праблем навучання. Існуюць разыходжанні ў метадах навучання, якія выкарыстоўваюцца ў школе і ва ўстанове вышэйшай адукацыі: пераход на новы рэжым работы, авалоданне новымі спосабамі работы, сацыяльныя перамены, змена ранейшых стэрэатыпаў, стрэсавыя сітуацыі і г. д. Студэнту-першакурсніку неабходна адаптавацца да навучання ва ўніверсітэце, да патрабаванага ўзроўню пазнавальнай дзейнасці. І дадзеныя метадычныя заняткі з элементамі трэнінгу былі накіраваны на аказанне дапамогі студэнтам пры падрыхтоўцы да практычных і семінарскіх заняткаў.

Якія існуюць метады і спосабы вядзення канспекта (лекцыі)? Які алгарытм падрыхтоўкі да семінарскіх заняткаў? Якія прыёмы і спосабы, якія палягчаюць запамінанне патрэбнай інфармацыі, можна выкарыстаць пры падрыхтоўцы да практычных і семінарскіх заняткаў? Якая існуе тэхніка работы над запамінаннем звязнага тэксту?

На гэтыя і іншыя пытанні студэнты змаглі атрымаць адказ, прыняўшы актыўны ўдзел у ходзе практычнай часткі заняткаў, праведзеных загадчыкам вучэбна-метадычнага кабінета В.М. Клім.

Студэнты мелі таксама магчымасць азнаёміцца з метадычнай літаратурай і рэсурсамі бібліятэкі па паспяховай самаарганізацыі, самаадукацыі разумовай працы, якую падрыхтавала А.Р. Сінкевіч.

17.10.2018