УНИВЕРСIТЭТ

Свята «Развітанне з Букваром» адбылося ў бібліятэцы ўніверсітэта

Ужо ў каторы раз бібліятэка аб'ядноўвае для сумесных праектаў студэнтаў, бібліятэкараў і выкладчыкаў універсітэта, настаўнікаў і навучэнцаў школ горада. Партнёрскія адносіны на ўсіх этапах падрыхтоўкі такіх мерапрыемстваў дазваляюць спаўна раскрыць творчы патэнцыял будучых настаўнікаў, даюць ім магчымасць папрактыкавацца ў зносінах з дзецьмі.

У гэты раз студэнты пазнаёміліся з навучэнцамі 1 «Д» класа гімназіі №1 і іх першым настаўнікам Т.І. Куль. Пад кіраўніцтвам бібліятэкара БарДУ Г.І. Семенічэнка студэнты групы БЗМ-11 падрыхтавалі літаратурна-музычную кампазіцыю, прысвечаную развітанню з Букваром. Галоўнымі героямі гэтага незабыўнага свята сталі першакласнікі, іх бацькі і, вядома ж, Першы Настаўнік.

Вучні чыталі вершы, з задавальненнем выконвалі заданні, і нават бацькі адказвалі на жартоўныя пытанні, падрыхтаваныя студэнтамі. Будучыя настаўнікі пачатковых класаў – студэнты груп ПА-11 і ПА-21 – парадавалі запальным танцам, вырабілі і падарылі першакласнікам памятныя медалі. Усе разам – школьнікі, іх бацькі, студэнты і госці мерапрыемства – спявалі песні.

Бясцэнны вопыт зносін, сумесная праца і пазітыўныя эмоцыі – гэта заўсёды аб'ядноўвае!

29.05.2018