УНИВЕРСIТЭТ

На факультэце педагогікі і псіхалогіі адбыўся X Міжнародны навукова-практычны семінар «Дашкольная адукацыя: вопыт, праблемы, перспектывы»

28 сакавіка 2019 года на факультэце педагогікі і псіхалогіі адбыўся X Міжнародны навукова-практычны семінар «Дашкольная адукацыя: вопыт, праблемы, перспектывы», у якім прынялі ўдзел больш за 126 педагогаў, у ліку якіх прадстаўнікі не толькі Рэспублікі Беларусь, але і Літвы, Польшчы, Казахстана, Рэспублікі Малдовы.

Урачыстае адкрыццё юбілейнага семінара з выступленнем Народнага ансамбля народных інструментаў Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа «Феерверк» і прывітальнае слова Аляксандра Мікалаевіча Унсовіча, першага прарэктара ўніверсітэта, кандыдата педагагічных навук, дацэнта, стварылі ў аўдыторыі святочны настрой і ўстаноўку на актыўнае абмеркаванне надзённых пытанняў у галіне дашкольнай адукацыі.

На пленарным пасяджэнні былі прадстаўлены даклады розных навуковых напрамкаў: кіраванне якасцю дашкольнай адукацыі; прафесійная, вышэйшая, дадатковая адукацыя дарослых у галіне дашкольнай адукацыі; арганізацыя адукацыйнага працэсу ва ўстанове дашкольнай адукацыі; псіхалагічнае суправаджэнне дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту; перспектывы развіцця  інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі; арганізацыя здароўезберажэння і бяспечнай жыццядзейнасці дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту.

Секцыйныя пасяджэнні прайшлі ў форме працы майстэрняў, дзе прафесарска-выкладчыцкі склад кафедры дашкольнай адукацыі і тэхналогій, студэнты і лепшыя выпускнікі ўніверсітэта, педагогі дзіцячага цэнтра развіцця дзіцяці «Я РАЗУМНІК» і супрацоўнікі ўстановы культуры «Баранавіцкі краязнаўчы музей» падзяліліся вопытам выкарыстання інавацыйных метадаў работы па музейнай педагогіцы, прадставілі дыдактычныя магчымасці выкарыстання канструктара «Lego» ў дзіцячым канструяванні, прадэманстравалі дасягненні і практычныя напрацоўкі па развіцці маўленчай творчасці і навучання грамаце дзяцей дашкольнага ўзросту.

02.04.2019