У канцэртна-актавай зале БарДУ адбылася ўрачыстая цырымонія ўшанавання лепшых выпускнікоў 2015 года

Адкрыў урачыстае мерапрыемства рэктар БарДУ, прафесар В.І. Качурка, які павіншаваў выпускнікоў з заканчэннем універсітэта і сказаў шмат добрых слоў з пажаданнямі поспеху. У гэты святочны дзень лепшыя студэнты таксама прымалі віншаванні ад першага прарэктара ўніверсітэта Т.Р. Якубовіч, прарэктара па навуковай рабоце А.В. Нікішовай, прарэктара па выхаваўчай рабоце П.І. Папко.

Узнагароджанне самых паспяховых студэнтаў падзякамі і памятнымі падарункамі праходзіла па намінацыях. За высокія дасягненні ў намінацыі «Вучэбна-даследчая дзейнасць» адзначаны 31 выпускнік; у намінацыі «Грамадская дзейнасць» ўзнагароджаны 27 чалавек; у намінацыі «Культурна-творчая дзейнасць» лепшымі сталі 17 студэнтаў; у намінацыі «Спартыўная дзейнасць» узнагародзілі 19 чалавек. Імёны гэтых студэнтаў назаўжды ўвойдуць у гісторыю роднай Alma mater, а іх фатаграфіі папоўняць старонкі Ганаровай кнігі выпускнікоў БарДУ.

Узнагарода ў гэты дзень чакала і пераможцу конкурсу рэкламных відэаролікаў «Мая прафесія – лепшая, таму што...», які праводзіўся сярод крэатыў-каманд факультэтаў універсітэта. Па рашэнні журы перамогу ў конкурсе атрымаў відэакліп, падрыхтаваны крэатыў-камандай факультэта эканомікі і права (прадзюсар – Кірыл Баклажэц).

Чуллівым момантам святочнага мерапрыемства стала выступленне са зваротным словам студэнткі факультэта эканомікі і права Анастасіі Макар і студэнта інжынернага факультэта Дзмітрыя Богдана.

Упрыгожылі цырымонію ўшанавання лепшых выпускнікоў яркія канцэртныя нумары мастацкіх калектываў БарДУ: народнага тэатра моды «Світа», харэаграфічнага калектыву «Імпрэза», народнага тэатра мініяцюр «Сафіт», музычнага клуба «Я і гітара», народнай студыі эстраднай песні «Талент», вакальнай групы «Фольк-мажор», народнага ансамбля «Музычны гасцінец».

2015-06-03

САЙТЫ СТРУКТУРНЫХ ПАДРАЗДЗЯЛЕННЯЎ