Супрацоўнікі і студэнты ўніверсітэта прынялі ўдзел у калядным абрадзе-віншаванні «Прыйшла Шчадруха – усім весялуха!»

Тэатралізаванае прадстаўленне традыцыйнага беларускага звычаю святкавання Каляд ва ўніверсітэце стала яркім пачаткам абвешчанага ў Рэспубліцы Беларусь Года культуры. 14 студзеня на працягу ўсяго дня спецыялісты аддзела культуры і творчасці выступалі ў ролі калядоўшчыкаў і віншавалі супрацоўнікаў і студэнтаў універсітэта. Каляда пабывала і ў адміністрацыйных карпусах, і на ўсіх факультэтах, і ў бібліятэцы, і ў інтэрнатах. Калядоўшчыкаў усюды цёпла сустракалі і не пакідалі без гасцінцаў.

Увесь святочны абрад праводзіўся на беларускай мове і суправаджаўся апавяданнем  пра Каляду, песнямі пад баян, віншаваннямі, імправізаванай варажбой на каласках, народнымі танцамі, жартоўнымі сцэнкамі з Мядзведзем і Казой. Па традыцыі перад адыходам калядоўшчыкі абсыпалі ўсіх зернем і жадалі шчасця, дабра, кахання, дастатку і дабрабыту. Калядны абрад-віншаванне стварыў па-сапраўднаму святочны настрой, выклікаў непадробную цікавасць і захапленне ва ўсіх прысутных.

2016-01-19

САЙТЫ СТРУКТУРНЫХ ПАДРАЗДЗЯЛЕННЯЎ