.

  КАФЕДРА ГРАМАДЗЯНСКІХ І КРЫМІНАЛЬНА-ПРАВАВЫХ ДЫСЦЫПЛІН

Загадчык кафедры
Людвікевіч Вольга Мікалаеўна
кандыдат юрыдычных навук

Падрабязная інфармацыя на афіцыйным сайце кафедры: clp.barsu.by

Кафедра грамадзянскіх і крымінальна-прававых дысцыплін з'яўляецца выпускаючай кафедрай па спецыяльнасці 1-24 01 02 «Правазнаўства».

Кафедра мае два філіялы, спецыялізаваны кабінет крыміналістыкі і крыміналістычны палігон, навукова-даследчую лабараторыю «Закон і правапарадак». Філіял кафедры ў судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы створаны ў 2007 годзе. У 2013 годзе створаны філіял кафедры ў натарыяльнай канторы Баранавіцкага раёна. Філіялы кафедры, спецыялізаваны кабінет, навукова-даследчая лабараторыя прымаюць удзел у арганізацыі і правядзенні вучэбных заняткаў, залікаў і экзаменаў, у кіраўніцтве практыкай, дыпломнымі і курсавымі работамі, навукова-даследчай працы студэнтаў, у арганізацыі і правядзенні штогадовай Студэнцкай юрыдычнай алімпіяды, вядзенні прапаганды практычных , навуковых і культурных ведаў, садзейнічанні фарміравання агульнай і прафесійнай правасвядомасці студэнтаў, правядзенні бягучага кансультавання студэнтаў. Па найбольш цікавых і значных справах філіял кафедры, створаны ў судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы, праводзіць выязныя пасяджэнні суда на базе факультэта эканомікі і права. Пры падтрымцы філіяла кафедры на факультэце створаны зал судовых пасяджэнняў (аўдыторыя № 36), дзейнічае спецыялізаваны кабінет крыміналістыкі і крыміналістычны палігон (аўд. № 1, 01).

З мэтай стварэння ўмоў для развіцця акадэмічных, сацыяльна-асобасных і прафесійных кампетэнцый студэнтаў, а таксама павышэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй на кафедру па сумяшчальніцтве прымаюцца вядучыя навукоўцы і практычныя работнікі.

У калектыў кафедры ўваходзяць вопытныя, кваліфікаваныя спецыялісты, якія валодаюць высокім узроўнем навуковага і творчага патэнцыялу. Выкладчыкі кафедры выкарыстоўваюць розныя формы правядзення семінарскіх заняткаў (калоквіумы, дзелавыя гульні, партнёрскія заняткі, міні-канферэнцыі і інш.).

Праводзяцца таксама заняткі ў судзе, органах запісу актаў грамадзянскага стану, натарыяльнай канторы, аддзеле па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне, што, безумоўна, спрыяе павышэнню ўзроўню практычнай падрыхтоўкі студэнтаў спецыяльнасці «Правазнаўства». Атрыманыя імі тэарэтычныя веды аб заканадаўстве і асаблівасцях правапрымяняльнай практыкі, выкарыстанне выкладчыкамі ў навучальным працэсе інтэрактыўных метадаў навучання, інавацыйных, інфармацыйных тэхналогій дазваляюць студэнтам праявіць творчы падыход пры выкананні навучальных работ, у тым ліку з элементамі даследавання, а таксама пры падрыхтоўцы да навуковых канферэнцый, юрыдычных алімпіяд рознага ўзроўню.

Пад навуковым кіраўніцтвам выкладчыкаў кафедры студэнты спецыяльнасці «Правазнаўства» актыўна займаюцца навукова-даследчай працай. Вынікам такой сумеснай дзейнасці становяцца апублікаваныя студэнцкія навуковыя працы, выніковы ўдзел у штогадовым Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ, укараненне вынікаў даследавання ў вучэбны працэс і вытворчасць.

Асаблівая ўвага на кафедры надаецца выхаваўчаму працэсу. Усе выкладчыкі кафедры праводзяць актыўную працу са студэнтамі з мэтай выхавання ў іх прафесійных і асобасных якасцяў, фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі, павагі да закону, дзяржавы, правоў іншых грамадзян.

Фарміраванню прафесійных навыкаў і здольнасцяў садзейнічае правядзенне штогадовай Студэнцкай юрыдычнай алімпіяды. Традыцыйна яе правядзенне прымеркавана да прафесійнага свята — Дня юрыста. Заданні алімпіяды дазваляюць яе ўдзельнікам не толькі паказаць свае прафесійныя веды, але і праявіць індывідуальнасць, крэатыўнасць, артыстызм, пачуццё гумару і творчы патэнцыял.

Кафедра арганізуе і праводзіць сустрэчы студэнцтва з навукоўцамі, практычнымі работнікамі, прадстаўнікамі органаў улады і кіравання. З'явілася практыка правядзення на базе факультэта выязных пасяджэнняў эканамічнага суда Брэсцкай вобласці.

Кафедра валодае неабходнай матэрыяльна-тэхнічнай базай. У распараджэнні кафедры — неабходная камп’ютарная тэхніка, тэхнічныя сродкі навучання, відэаматэрыялы, раздаткавыя і наглядныя матэрыялы, прававыя базы дадзеных, якія дазваляюць прадастаўляць належны ўзровень адукацыйных паслуг.

 

Адрас:
вул. Войкава, 21, 225404 г.Баранавічы, Брэсцкая вобл.
Заг. кафедры:
Людвікевіч Вольга Мікалаеўна
Тэлефон:
(0163) 64 34 76
e-mail: kaf.giypd@barsu.by