УНИВЕРСIТЭТ

Студэнты інжынернага факультэта наведалі музей Баявой славы 18-й аўтамабільнай брыгады

21 сакавіка навучэнцы інжынернага факультэта групы ТМ-41 наведалі музей Баявой славы 18-й Баранавіцкай Чырванасцяжнай ордэна Кутузава 2 ступені аўтамабільнай брыгады, які знаходзіцца ў ДУА «Сярэдняя школа №17 г.Баранавічы».

Экскурсію для нашых студэнтаў правяла кіраўнік школьнага музея Пась Святлана Мікалаеўна. 18-я аўтамабільная брыгада ўваходзіла ў склад 65-ай арміі і была сфарміравана ў 1943 годзе ў Бранскай вобласці. Байцы брыгады прынялі актыўны ўдзел у Баранавіцка-Слонімскай аперацыі летам 1944г.

За мужнасць і гераізм яе байцоў, праяўленыя ў баях, загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ад 27 ліпеня 1944г. 18-я аўтабрыгада была ўзнагароджана Ордэнам Чырвонага Сцяга, і ёй было прысвоена найменне «Баранавіцкая». У музеі прадстаўлена больш за 1000 экспанатаў, кожны з іх нясе ў сабе ўнікальную гісторыю.

Таксама падчас экскурсіі студэнты даведаліся пра дзіўны факт: у 1985 годзе напярэдадні 40-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне сумеснымі намаганнямі ветэранаў, педагогаў школы і членаў савета музея быў адкрыты Памятны Знак воінам 18-й аўтамабільнай брыгады - сапраўдны баявы аўтамабіль ЗІС-5, усталяваны на скрыжаванні вуліц Тэльмана і Цыялкоўскага ў раёне школы.

Паход у музей - гэта ўнікальная магчымасць правесці час з карысцю, адкрыць для сябе нешта новае і прасякнуцца духам гераічнага мінулага народа.

28.03.2024