УНИВЕРСIТЭТ

У бібліятэцы адбыўся навукова-метадычны семінар «Адукацыя для ўсіх. Інфармацыйныя і рэкламна-бібліятэчныя тэхналогіі ў бібліятэцы: дзелімся вопытам»

На семінар-практыкум былі запрошаны загадчыкі школьных бібліятэк г. Баранавічы.

Бібліятэка, незалежна ад таго, да якога тыпу адносіцца, - адкрытая сістэма. Для бібліятэкі ВНУ ўзаемадзеянне з іншымі ўстановамі культуры і адукацыі – адзін з асноўных прынцыпаў бібліятэчнай работы.

Ва ўступным слове загадчык бібліятэкі Т.В. Громава расказала аб мадэрнізацыі ўсіх сфер дзейнасці бібліятэкі БарДУ, аб павышэнні якасці інфармацыйных паслуг у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі па ўкараненні лічбавізацыі.

Вядучы бібліятэкар А.Р. Сінкевіч у выглядзе прэзентацыі прадставіла інфармацыю аб прымяненні ў рабоце бібліятэкі ВНУ рэкламна-бібліятэчных тэхналогій, у прыватнасці, выставачнай дзейнасці. У тым ліку аб тым, як цеснае ўзаемадзеянне бібліятэкі БарДУ і секцыі тэхналогіі і выяўленчага мастацтва ператварылася ў шматгадовы творчы праект, дзякуючы якому кожная зала бібліятэкі набыла рысы індывідуальнасці.

Загадчык бібліятэкі гімназіі № 2 г. Баранавічы З.У. Ткачэнка расказала аб інавацыйных формах работы ў бібліятэцы, ілюструючы свой даклад нагляднымі прыкладамі афармлення кніжных выстаў і фатаграфіямі з жыцця школьнай бібліятэкі.

Для калег са школьных бібліятэк была арганізавана экскурсія па залах бібліятэкі БарДУ. Пры наведванні абанемента бібліятэкар М.А. Савеня правяла для гасцей бібліяграфічны агляд мастацкай літаратуры «Новыя кнігі», прадэманстраваўшы на практыцы прымяненне ў рабоце гэтай папулярнай бібліятэчнай тэхналогіі.

У цэнтральнай чытальнай зале и зале электронных інфармацыйных рэсурсаў супрацоўнікі расказалі аб рэарганізацыі бібліятэчнай прасторы, штрыхкадзіраванні кніжнага фонду, прадэманстравалі работу АРМ «Кнігавыдача» бібліятэчнай сістэмы «ИРБИС».

Бібліятэкар чытальнай залы новых паступленняў Т.В. Шчэрба прадставіла гасцям бібліятэчныя праекты, сярод якіх конкурс «Чытач года», творчае літаратурнае аб'яднанне «Паэтычны партал», праект «Сустрэча з цікавым чалавекам».

Бібліятэка БарДУ актыўна развівае партнёрскія сувязі, і арганізаваны семінар яшчэ раз пазначыў, як гэта важна. Супрацоўніцтва неабходна для абмену вопытам, прадастаўлення карыстальнікам доступу да карпаратыўных рэсурсаў, арганізацыі сумеснай дзейнасці, прафарыентацыйнай работы са школьнікамі.

23.04.2024